Брэсцкае літаратурнае аб’яднанне

У 1939 г. пасля уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пры абласной газеце Зара(вул. Камсамольская, 40) было створана літаратурнае аб’яднанне, якім кіравала літаратуразнаўца Марына Барсток (1916-1994).

З 1939 па 1940 г. яна працавала загадчыцай аддзела культуры гэтай газеты. Актыў абласнога літаратурнага аб’яднання Заранка у першыя пасляваенныя гады складала паэтэса Вера Сурская, яе муж – тэатральна-мастацкі крытык Аркадзь Сурскі, нарысіст Васіль Праскураў, журналіст-празаік Аляксандр Авечкін, паэты Зіновій Вагер і Міхаіл Цялічка. Пасля вайны кіраваў літаратурным аб’яднаннем рускі паэт Міхаіл Луконін, які служыў у Брэсцкім гарнізоне.

З 1948 па 1951 г. кіраваў літаратурным аб’яднаннем Мікола Засім. У вачах юнакоў і дзяўчат Засім увасабляў прыклад сапраўднага прафесійнага паэта. Многія паэты Брэстчыны называюць сябе вучнямі М. Засіма, які вырас на той жа зямлі, на якой раслі яны, і данёс яе клопаты і радасці даведама ўсёй краіны.

З 1957 г. абласным аб’яднаннем кіраваў загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педінстытута, пісьменнік і літаратурны крытык Уладзімір Андрэевіч Калеснік. У літаратурным аб’яднанні ўмацавалася тэндэнцыя ацэньваць працу без скідак.

У 1960-я гг. ля берасцейскага літаратурнага вогнішча прыбавілася празаікаў-дакументалістаў. Плённа выступілі ў гэтым жанры Уладзімір Стальмашук, Васіль Ласковіч. З удзячнасцю чытыч прыняў кнігі Міколы Панасюка Арыенцір-сузор’е Арыён, прысвечаную подзвігу касманаўта Пятра Клімука, і Мужнелі ў барацьбе пра піянераў-падпольшчыкаў на Брэстчыне ў гады польскага панавання.

Актыўным членам літаратурнага аб’яднання ў 1960 гады Аляксей Рубцоў (6.5.1925—10.7.1963) крытык, літаратуразнаўца, выкладчык кафедры рускай і замежнай літаратуры Брэсцкага педінстытута. Пахаваны на Трышынскіх могілках.

У 1970-я гг. адбываецца творчы рост маладых аўтараў, у рэспубліканскім друку з’яўляюцца падборкі вершаў Івана Арабейкі, Міколы Пракаповіча, Ніны Гарагляд, Міколы Аляхновіча, Аляксея Бакуменкі, Уладзіміра Ягоўдзіка. Пачыналі свой шлях у брэсцкай літаратурнай сябрыне Уладзімір Гніламёдаў, алесь Разанаў, Міхась Тычына, Васіль Жуковіч, С. Крываль, Я. Пархута, М. Рудкоўскі, А. Гарай, М. Купрэеў, А. Каско.

У 1981 г. створана Брэсцкае аддзяленне Саюза пісьменнікоў БССР, яго члены: З. Дудзюк, А. Каско, У. Калеснік, І. Арабейка, М. Пракаповіч, М. Рудкоўскі. Арганізатарам і першым старшынёй Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў быў Уладзімір Калеснік(1981—1983).

З 1983 г. па 1990 г. кіраваў адзяленнем Мікола Пракаповіч, з 1991 г. Алесь Каско. У склад аддзялення ўваходзяць Мікола Антаноўскі, Іван Арабейка, Мікола Бусько, Валерый Грышкавец, Зінаіда Дудзюк, Анатоль Дэбіш, Васіль Дэбіш, Мікола Мішчанчук, Васіль Сахарчук. Аддзяленне Саюза пісьменнікаў размешчана на вул. Наганава, 10.

А.В. Бащук