Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускага Саюза мастакоў

Створана ў 1971 г. на базе Брэсцкага філіяла Саюза мастакоў БССР. Вытворчай базай з’яўляецца камбінат “Мастацтва”, якім кіруе А. Грышчук. Старшынёй Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага Саюза Мастакоў з’яўляецца М. Канькоў. Вялікую ролю ў працэсе мастацкай творчасці Брэстчыны адыгралі старэйшыя жывапісцы — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі П. Данелія, заслужаны работнік культуры Беларусі В. Шыкін, І. Фецісаў, М. Чураба, І. Рудчык, В. Сабалеўскі, П. Пагодзін, К. Максімцаў, Э. Куфко, М. Аўчыннікаў. З году ў год расце майстэрства брэсцкіх мастакоў. Калі 10 гадоў назад на Брэстчыне было ўсяго 13 членаў Саюза мастакоў, то зараз іх — 52.

Першая выстаўка твораў мастакоў Брэстчыны адбылася ў 1950 г. З 1960-х гг. справаздачныя абласныя, групавыя, маладзёжныя, персанальныя выстаўкі праводзяцца рэгулярна.

У 1978 г. было адкрыта новае памяшканне выставачнай залы па вул. Савецкай, 54.

Сёння мастакоў Брэстчыны ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў многіх краінах блізкага і далёкага замежжа, у тым ліку ў Польшчы, Германіі, ЗША, Галандыі, Італіі, Францыі. У кожнага з мастакоў свой шлях, свой творчы свет, кожны імкнецца данесці яго да сэрцаў жыхароў Брэстчыны.

У.І.Нікіценкаў