Брэсцкая гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма

У кастрычніку 1975 года на базе ЦГБ імя А.С.Пушкіна была створана бібліятэчная сістэма, якая аб’яднала ў адзіную структуру 2 дзіцячыя і 14 гарадскіх бібліятэк.

З 1976 г. Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма на чале з цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А.С.Пушкіна з’яўлялася рэспубліканскай школай перадавога вопыту па арганізацыі работы ва ўмовах цэнтралізацыі. Пераймаць вопыт работы прыязджалі бібліятэчныя работнікі з нашай рэспублікі, з Украіны і Расіі. Цэнтралізацыя садзейнічала больш якаснаму абслугоўванню чытачоў, паляпшэнню складу кніжных фондаў, удасканаленню даведачна-бібліяграфічных апаратаў бібліятэк. Ужо ў 1978 г. бібліятэкамі ЦБС было абслугавана 27820 чытачоў, ім выдадзена 619000 экземпляраў кніг. Кніжны фонд складаў 428465 экземпляраў кніг. 1975—1985 г.г. з’явіліся вельмі плённымі ў рабоце бібліятэчнай сістэмы. Гэта гады шырокага выкарыстання друку, радыё і тэлебачання. Амаль кожны месяц у мясцовай газеце “Заря” з’яўляліся артыкулы аб дзейнасці ЦБС, адбываліся выступленні супрацоўнікаў бібліятэк на радыё і тэлебачанні. Вялікая ўвага надавалася краязнаўчай рабоце. Былі створаны Цэнтры для прапагандыстаў эканамічнай і палітычнай вучобы. У бібліятэках ЦБС праводзіліся дні інфармацыі, дні спецыяліста, дні ведаў.

У той час у ЦБС працавала 47 бібліятэкараў. У 1985 г. кніжны фонд ЦБС склаў 479566 экземпляраў, было абслугавана 31840 чытачоў, ім выдадзена 732407 экземпляраў кніг. У 1985—1999 г.г. бібліятэкі ЦБС удасканальвалі формы і метады папулярызацыі кнігі. Праводзіліся прэзентацыі і прэм’еры кніг брэсцкіх (беларускіх) пісьменнікаў і паэтаў. Бібліятэкі прымалі ўдзел ў агульнагарадскіх святах.

У гэты перыяд былі створаны аматарскія аб’яднанні пры бібліятэках.

На 1.1.2000 года ў бібліятэках сістэмы працуе 82 бібліятэкары. У склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы г. Брэста ўваходзяць 12 публічных гарадскіх бібліятэк. З іх – 2 дзіцячыя бібліятэкі, 9 бібліятэк абслугоўваюць і дарослых і дзяцей. Узначальвае сістэму Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна.

Карыстальнікамі бібліятэк сістэмы ў 1999 г. сталі 45107 чалавек, з іх 18189 дзяцей. Ім выдадзена 800555 друкаваных адзінак, у тым ліку дзецям – 319757 экземпляраў. Колькасць наведванняў склала 369331.0 Кніжны фонд на 1.1.2000г. складае 485775 экземпляраў.

А.В. РАМАНЮК