Брэсцкая дзіцячая мастацкая школа

Адкрыта ў 1976 г. У школу прымаюцца дзеці ва ўзросце 10-14 гадоў. Тэрмін дзённага навучання 4 гады. Дырэктар школы з 1978 г. А. А. Алонцаў. Асноўныя прадметы: малюнак, жывапіс, кампазіцыя, скульптура, гісторыя мастацтва. У школе працуе 10 выкладчыкаў з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй, сярод іх члены Саюза мастакоў Беларусі А. Алонцаў, Ю. Тарнікаў, У. Тулупаў, член Саюза архітэктараў А. Цецярук. Большасць выкладчыкаў школы маюць вышэйшую катэгорыю і працуюць па 10-15 гадоў.

У школе штогод займаецца больш за 200 дзяцей. За 20 гадоў больш чым 1000 дзяцей атрымалі асновы ведаў выяўленчага мастацтва. Каля 60% выпускнікоў школы працягваюць навучанне ў вышэйшых навучальных установах па выбранай спецыяльнасці.

Вучні мастацкай школы прымаюць актыўны ўдзел у розных выстаўках і конкурсах, у тым ліку і міжнародных. Дыпламантамі міжнародных конкурсаў у Варшаве, Кракаве, Любліне неаднаразова былі вучні Р. Трацюк, А. Ківака, М. Матрашук, А. Дзенісевіч, С. Каркатадзе. Р. Трацюк стаў стыпендыятам прэзідэнцкага фонда падтрымкі таленавітай моладзі.

У 1987 г. школа была ўзнагароджана Дыпломам Саюза мастакоў Беларусі за актыўны ўдзел у фестывалі мастацкай творчасці, у 1990 г. — Дыпломам за ўдзел ва Усесаюзным конкурсе Падводная фантазія, у 1992 г. — Дыпломам міжнароднага конкурса Місія да планеты Зямля і Ганаровым знакам Музея касманаўтыкі СССР.

У. І. Нікіценкаў