Брэсцкая цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна

Заснавана ў 1940 г. як гарадская бібліятэка, знаходзілася на вуліцы Камсамольскай,46. Кніжны фонд складаўся з 10-12 тысяч экземпляраў. Першай загадчыцай бібліятэкі была Галіна Парамонава. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны нарушылі працу бібліятэкі. Яна зачынена. Кніжны фонд стаў паціху знішчацца.

У гэтым доме, дзе знаходзілася бібліятэка, жыла адукаваная жанчына Соф’я Іосіфаўна Яноўская. Яна звярнулася ў нямецкі магістрат за дазволам адчыніць бібліятэку. Ёй ўдалося захаваць частку фонда бібліятэкі, яна стала яе загадчыцай. Немцы дазволілі бібліятэцы выдаваць чытачам толькі літаратуру замежных аўтараў. Яноўская, рызыкуючы жыццем, схавала ў нішы сцяны, забіла фанерай і заклеіла шпалерамі творы рускіх і савецкіх пісьменнікаў, класікаў марксізму-ленінізму. З вызваленнем Брэста ўсе экземпляры кніг С.І.Яноўскай былі перададзены Л. Кузьмянковай, а сама Соф’я Іосіфаўна пераехала ў Польшчу да сына.

Другое нараджэнне бібліятэкі адбылося 2 жніўня 1944 г. Яе ўзначаліла Л. Кузьмянкова. З гэтага часу ў чытачоў з’явілася магчымасць чытаць творы рускіх, савецкіх, беларускіх аўтараў, а ў палітычным аддзеле бібліятэкі – кнігі класікаў марксізму-ленінізму, па гісторыі КП(б) і Беларусі. У фондзе былі кнігі на рускай, беларускай, польскай мовах. Кніжны фонд складаў звыш 5 тысяч экземпляраў. Бібліятэка абслугоўвала тысячу чытачоў.

Супрацоўнікі бібліятэкі шукалі новыя формы і метады папулярызацыі кнігі, былі актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага жыцця, палітычных падзей горада.

У 1947 годзе Брэсцкая гарадская бібліятэка атрымала сваю першую ўзнагароду – Грамату і грашовую прэмію як пераможца ў сацыялістычным спаборніцтве сярод культурна-асветных ўстаноў Беларусі. У 1949 годзе з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння А.С.Пушкіна бібліятэцы было прысвоена гэта імя. Загадчыцай стала працаваць А.І.Ермалаева.

У 1953 годзе будынак, дзе знаходзілася бібліятэка, быў пастаўлены на капітальны рамонт, а бібліятэку перавялі ў другое памяшканне па вуліцы Савецкай,18. Было выдзелена памяшканне з чатырох пакояў. Два пакоі займаў абанемент, была арганізавана і адчынена чытальная зала на 20 месц. На камплектаванне бібліятэкі гарвыканкамам штогод выдзялялася 2-5 тысяч рублёў. Кніжны фонд бібліятэкі значна павялічыўся і склаў 40 тысяч экземпляраў. На прадпрыемствах былі адчынены перасоўкі бібліятэкі. Бібліятэка абслугоўвала каля 5 тысяч чытачоў. У 1957 годзе бібліятэка атрымала новае памяшканне па вуліцы Маскоўскай, 24 плошчаю 220 м2 (на месцы бібліятэкі зараз пабудавана Дзяржаўнае прадпрыемства Электрасувязь “Брэстаблтэлекам”). Загадчыцай бібліятэкі працавала Марыя Кузьмінічна Галубцова. У гэты перыяд бібліятэка пачала вельмі актыўна павялічваць свой кніжны фонд. І ў 1960 г. ў ім налічвалася звыш 50 тысяч экземпляраў кніг.

З 1964 г. бібліятэку ўзначаліла Ганна Васільеўна Сідарук, яна працавала на гэтай пасадзе звыш 20 гадоў.

У 1966 г. бібліятэка была перайменавана ў цэнтральную гарадскую бібліятэку і атрымала дадатковы штат супрацоўнікаў. Замест 5 чалавек у штаце бібліятэкі было зацверджана 10 супрацоўнікаў. Шмат увагі надавалася бібліятэцы з боку мясцовых органаў улады. Бібліятэка ўвесь час павялічвала маштабы сваёй дзейнасці.. Кніжны фонд складаўся з 68672 экземпляраў кніг, абслугоўвалася 7488 чытачоў, ім выдадзена 140 тысяч кніг.

У 1970 г. выканком гарсавета ў распараджэнне бібліятэкі імя А.С.Пушкіна выдзяліў памяшканне (Бульвар Шаўчэнкі, 3) плошчаю звыш тысячы квадратных метраў. Памяшканне складалася з светлай, прасторнай, утульнай чытальнай залы, абанементам для дарослых чытачоў і юнацтва, справачна-бібліяграфічнай і метадычнай службы, канферанцыйнай залы. Радаваў вока чытачоў інтэр’ер і дызайн бібліятэкі, у стварэнні яго прыймалі ўдзел брэсцкія архітэктары і работнікі мэблевай фабрыкі.

Пры бібліятэцы працавалі клубы для вучняў старэйшых класаў “Аўрора” і “Рэвалюцыйнай баявой і працоўнай славы” (для працуючай моладзі). На прадпрыемствах было арганізавана 22 бібліятэкі-перасоўкі. У бібліятэцы ў гэты час працавалі выдатныя людзі, захопленыя сваёй працай, майстры папулярызацыі кнігі. З 13 супрацоўнікаў бібліятэкі 3 былі ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу” у гонар стагоддзя з дня нараджэння Ў.І.Леніна (А. В. Сідарук, А. Н. Мамро, А. В. Раманюк), бібліятэкары Л. П. Пунько і П. І. Сагалова адзначаны значком “Отличник библиотечной работы”, чатыры супрацоўнікі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР і Міністэрства культуры БССР.

У 1971 г. цэнтральная бібліятэка імя А.С.Пушкіна была ўдзельніцай ВДНГ, ей было прысвоена званне “Бібліятэка выдатнай работы”. У 1975 годзе на базе цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна была створана цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, аб’яднаўшая ў адну структуру чатыры гарадскія і 2 дзіцячыя бібліятэкі. З 1976 г. ЦГБ імя А.С.Пушкіна з’яўлялася школай перадавога вопыту рэспубліканскага значэння па арганізацыі працы ва ўмовах цэнтралізацыі.

Кніжны фонд цэнтральнай бібліятэкі налічвае 169,7 тыс. экземпляраў, абслужана 11,3 тысячы чытачоў. У працы бібліятэкі знайшлі адлюстраванне ўсе галоўныя падзеі гісторыі краіны, рэспублікі, краю, горада. У 1987 г. бібліятэку ўзначаліла Аліса Васільеўна Раманюк. На пачатак яе дзейнасці ў якасці дырэктара бібліятэкі прыйшоўся капітальны рамонт, які працягваўся 5 гадоў. У час рамонту бібліятэка працягвала абслугоўваць чытачоў. У невялікім памяшканні чытальнай залы праходзілі паседжанні клуба па інтарэсах “Субяседнік”. У 1992 г. бібліятэка зноў гасцінна сустрэла сваіх чытачоў. Шмат увагі ў бібліятэцы імя А.С.Пушкіна надаецца папулярызацыі беларускай літаратуры, краязнаўства. На працягу сямі год пры бібліятэцы працуе літаратурна-музычная гасцёўня “Берасцейскія сустрэчы”, якая аб’яднала творчую інтэлігенцыю горада. У рамках гасцёўні праходзяць сустрэчы з мясцовымі пісьменнікамі : М.Пракаповічам, А.Каско, З.Дудзюк, Анатолем і Васілем Дэбішамі, праводзяцца прэзентацыі іх кніг; вернісажы брэсцкіх мастакоў, сустрэчы з цікавымі людзьмі горада. У 1994 г. бібліятэка стала дыпламантам конкурса “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.

Бібліятэка сёння – гэта інфармацыйны і культурны цэнтр горада. Да паслуг чытачоў аддзел абслугоўвання і інфармацыі з чытальнай залай на 80 месц, абанемент для дарослых чытачоў, інфармацыйна-выхаваўчая зала для моладзі, інфармацыйна-даведачная служба, аддзелы маркетынгу, камплектавання і кнігасховішча.

Цэнтральная гарадская бібліятэка імя А.С.Пушкіна ўзначальвае цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму, у склад якой ўваходзяць 12 гарадскіх бібліятэк, ажыццяўляе метадычнае кіраўніцтва 11 бібліятэкамі-філіяламі, аказвае метадычную і кансультатыўную дапамогу бібліятэкам іншых сістэм і ведамстваў.

А.В.Раманюк