Брэсцкі абласны тэатр лялек

Творчы шлях тэатра пачынаецца з 1963 г. У гэты час заслужаны дзеяч БССР Л. Ваўчэцкі і заслужаная артыстка БССР А. Асторына ствараюць пры Брэсцкім абласным драматычным тэатры імя ЛКСМБ лялечную групу, якая рыхтуе свой першы спектакль —Цудоўная моц Л. Гаробіна (рэжысёр і мастак Г. Васько). У 1968 г. група ператвараецца ў самастойны тэатр лялек. Зараз гэта адзін са старэйшых і вопытных лялечных калектываў Беларусі. За гады яго дзейнасці пастаўлена больш за 100 спектакляў, якія паглядзелі мільёны гледачоў. Штогод у тэатры рыхтуецца 3-4 прэм’еры. Сярэдняя колькасць гледачоў у месяц — каля 7 тысяч чалавек.

На працягу дзесяцігоддзяў тэатр сваей нястомнай дзейнасцю ды пастаяннымі творчымі пошукамі далучае гледача да лепшых узораў нацыянальнай і сусветнай драматургіі, уводзіць у казачны свет лялечнага мастацтва, значна пашыраючы яго магчымасці выкарыстаннем розных выразных сродкаў.

Сёння сваю маляўнічую палітру тэатр імкнецца перш за ўсе ствараць спектаклямі, у аснове якіх творы нацыянальнай драматургіі. Аб гэтым сведчаць такія пастаноўкі 1990-х гадоў, як Рыгорка-ясная зорка А. Вярцінскага (1990), Зязюлька У. Граўцова (1992), Дзед і Жораў В.Вольскага (1994), Штукары, Збавіцель і Дрэва багоў І. Сідарука. Значнае месца адводзіцца класічным перакладным творам, на якіх выхавалася і выхоўваецца не адно юнае пакаленне. Кожнай сваей пастаноўкай сеяць і прарошчваць зерні дабра, абуджаць пачуцці прыгажосці, спагады, вучыць суперажыванню бліжняму ды слабейшаму — адзін з важнейшых прынцыпаў мастацкай праграмы тэатра. Рэпертуарная афіша падбіраецца так, каб задаволіць густы дзяцей ад 3 да 15 год, а таксама дарослых.

Сучасны ўзровень развіцця лялечнага мастацтва, удасканальванне сваіх тэхнічных магчымасцяў, пошукі рэжысуры і адточванне акцёрскага майстэрства дазваляюць берасцейскім артыстам ахвотна працаваць з рознымі сістэмамі лялек. У спектаклях выкарыстоўваюцца скульптурныя лялькі, маскі, ужываюцца самыя розныя прынцыпы арганізацыі тэатральнай прасторы.

Тэатр — актыўны удзельнік творчых гастроляў і фестываляў. Ён прымаў удзел у Рэспубліканскіх фестывалях таэтраў лялек Беларусі (Мінск-81, Гродна-86, Мінск-90), у Міжнародным фестывалі камерных спектакляў Улітка (Архангельск, 1991), Міжнародных фестывалях “Калядныя гісторыі” (Берлін, Германія 1993), “Разанскія агледзіны” (1991, 1997), “Артвізіт” (Краснадар, Расія, 1998), Міжнародным свяце “У Пятрушкі” (Масква, 1995), 1-м і 2-м міжнародных фестывалях “Калядная містэрыя” (Луцк, Украіна, 1993, 1996).

Брэсцкі тэатр лялек — заснавальнік і арганізатар Міжнароднага тэатральнага фестывалю Белая вежа (1996, 1997, 1998, 1999) .

І.Сідарук