БРЭСЦКI АБЛАСНЫ ТЭАТР ДРАМЫ I МУЗЫКI

1 кастрычнiка 1944 г. была прынята пастанова СНК БССР №656 аб стварэннi ў Брэсце Дзяржаўнага тэатра юнага гледача iмя Крупскай. Для працы ў тэатры ў Брэст прыехалi выпускнiкi чацвёртага курса Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылiшча, вучні народнага артыста РСФСР У. В. Гатоўцава, педагогаў М. К. Свабодзiна, М. Ф. Цiтушына, выхаваныя ў традыцыях мхатаўскай школы. Горад быў разбураны, але акцёраў сустрэлi тут цёпла i гасцiнна: з фондаў Чырвонага Крыжа выдалi адзенне i абутак, забяспечылi тых, хто жыў у нястачы. Даваенны будынак тэатра быў разбураны, для работы маладым артыстам быў выдзелены будынак тэатральных майстэрняў. Пра тое, як акцёры абжывалiся на новым месцы добра апавядае Л. Валчэцкi ў сваёй кнiзе Гады, спектаклi, ролi…

Часова размясцiлiся ў ацалелым аднапавярховым каменным будынку, якi знаходiўся ў двары тэатра. У адной палавiне абсталявалi маленькую сцэну i глядзельную залу з драўлянымi лаўкамi, якая магла змясцiць чалавек 150. У другой размясцiлiся прымiтыўныя майстэрнi i пакоi, дзе жылi сямейныя работнiкi сцэны. (Заря. 1994. 11 кастр.)

Сцэна тэатра была вельмi маленькая i таму некаторыя спектаклi немагчыма было ставiць. Па гэтай прычыне iх часта паказвалi ў клубах i кiнатэатрах горада. З-за цяжкiх умоў некаторыя акцёры выехалi з горада, засталiся толькi сапраўдныя энтузiясты: Г. Волкаў, Ю. Уласаў, З. Курдзянок i iншыя.

10 кастрычнiка 1944 г. адбылося творчае хрышчэнне тэатра. У зiмнiм палацы (так потым моладзь называла гэтае памяшканне за тоўсты слой iнею на яго прамерзлых сценах) быў паказаны спектакль Вечар старадаўнiх вадэвiляў. У першай палове 1945 г. тэатр атрымаў назву: Дзяржаўны тэатр iмя Ленiнскага камсамола Беларусi.У 1945 г. было падрыхтавана яшчэ тры спектаклi: Гульня кахання i выпадкаў П. Марыво, Кароль-алень К. Гоццы, Мяшчане М. Горкага.

Мастацкiм кiраўнiком новага маладзёжнага тэатра прызначылi таленавiтага беларускага рэжысёра Мiкалая Антонавiча Мiцкевiча. Яго рэпетыцыi збiралi амаль усю трупу. Акцёры, вольныя ад спектакляў, прыходзiлi, каб прысутнiчаць i пераймаць майстэрства.

Газета Заря 15 лiстапада 1945 г. змясцiла артыкул Р. Грыгор’ева, у якiм паведамлялася, што Брэсцкi дзяржаўны тэатр iмя Ленiнскага камсамола адкрыў у Брэсце свой сезон прэм’ерай Гульня кахання i выпадку (П. Марыво), станоўча адзначалася рэжысёрская праца М. Мiцкевiча i добра выкананыя ролi акцёрамi А. Шчарбаковай, С. Гурыч, А. Руб, В. Андрэевым, I. Падчуфаевым, Ю. Уласавым.

Рэпертуарны план тэатра на 1946 г. складаўся з спектакляў Вясна ў Маскве В. Гусева, Юнацтва бацькоў Б. Гарбатава, аднаўленне Мяшчан Горкага i канцэртнай праграмы. У трупе тэатра было ўсяго 22 чалавекi: Г. Волкаў, Ю. Уласаў, М. Вiнаградаў, К. Айвазоўская, К. Катоўская, П. Рокатаў, I. Болатава, У. Говар-Бандарэнка, В. Мiрская-Багданава, В. Мiрскi, I. Фрэйдзiн, З. Курдзянок, С. Гурыч i iншыя.

Пра тое, як улада клапацiлася пра iдэалагiчную чысцiню тэатра сведчыць Сакрэтны дадатак да загаду ўлад ад 16 верасня 1946 г., якi забараняў ставiць наступныя п’есы: Хто смяецца апошнi К. Крапiвы, Заложнiкi А. Кучара, Дрымучае сэрца В. Лiпатава, Брандэбургскiя вароты М. Святлова i шмат iншых.

Станаўленне тэатра адбывалася цяжка. Часта мянялася адмiнiстратыўнае кiраўнiцтва тэатра, прыязджалi i ад’язджалi акцёры. У 1946 г. адбылася змена галоўнага рэжысёра: замест М. А. Мiцкевiча, якога запрасiлi працаваць у Вiцебск, рыжэсёрам стаў Ю. М. Рашымаў. Ён запрасiў у тэатр вопытных акцёраў, сярод якiх была заслужаная артыстка РСФСР В. В. Багданава.

Летам 1948 г. тэатр выязджаў на гастролi ў Мiнск, дзе былi паказаны спектаклi Маладая гвардыя А. Фадзеева, Чужое дзiця В. Шкваркiна, Сын В. Патапава i iншыя. Гастролi былi няўдалымi. Адной з прычын было тое, што за год у тэатры змянiлася 6 рэжысёраў. У пачатку 1949 г. камiтэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР вырашыў аб’яднаць Брэсцкi i Магiлёўскi драмтэатры ў адзiн калектыў, якi ўзначалiў А. Мiронаў. У трупу Брэсцкага тэатра ўлiлiся артысты М. Абрамаў, Г. Качаткова, Т. Аляксеева, С. Прасцякоў, А. Веташкiн, Л. Арынiна, з iншых тэатраў былi запрошаны акцёры А. Асторына, О. Захарава, П. Маркiн, прыйшла здольная моладзь: В. Грачынскi, Б. Канцадалаў, О. Сонцава, Б. Уксусаў i Л. Хрол.

У гэты час у тэатры працуюць самабытныя рэжысёры Ю. Рашымаў, А. Мiронскi, Ю. Арынянскi, якiя iмкнуцца аб’яднаць творчыя сiлы, вызначыць накiрунак будучай працы.

Ужо на наступных гастролях у Мiнску ў 1951 г. тэатр паказаў, што тут вырасла Плеяда здольных акцёраў, якiя разам са старэйшым пакаленнем акцёраў утвараюць адзiны творчы арганiзм, якi здольны рашаць сур’ёзныя творчыя задачы (Літаратура і мастацтва. 1951. 30 чэрв.). Тэатр паказаў спектаклi Сям’я У. Папова, Жывы труп Л. Талстога, Дваранскае гняздо У. Тургенева. Вялiкiм поспехам у моладзi карысталася п’еса Сняжок В. Любiмава аб дыскрымiнацыi чорнаскурых дзяцей у ЗША.

Тагачасны тэатр у Брэсце вызначала героiка-рамантычная тэматыка, якая прадстаўлялася пастаноўкамi па п’есах Маладая гвардыя Фадзеева, Iрынка Чорнага, Як гартавалася сталь Астроўскага, Канстанцiн Заслонаў Маўзона, Авадзень Войнiч i iншыя. Шырока ставiлася класiка. Для гастроляў у Мiнск з 25 лiпеня да 10 жнiўня 1952 г. быў падрыхтаваны рэпертуар з 11 спектакляў, у лiку якiх Анна Карэнiна Талстога , Зыкавы Горкага, Вей, ветрыкi Райнiса, Навальнiца Астроўскага. На гастролi ў Вiцебск у тое ж лета вазiлi ажно 14 спектакляў.

У канцы 1953 г. адбыўся агляд творчай моладзi тэатраў i канцэртных арганiзацый, на якiм адзначалася майстэрства маладых акцёраў з Брэсцкага драмтэатра Канавалавай, Канцадалава, Уксусава, Хрол, Сонцавай.

Сапраўдную славу i прызнанне тэатру прынёс спектакль Брэсцкая крэпасць па творы беларускага драматурга К. Губарэвiча. Цiкавая гiсторыя стварэння спектакля. У 1950 г. у Мiнску ў Акадэмiчным тэатры iмя Я. Купалы адбылася прэм’ера спектакля Цытадэль славы па п’есе К. Губарэвiча, але поспеху у гледачоў яна не мела i хутка была знята са сцэны. Брэсцкiя акцёры з вялiкiм энтузiязмам узялiся за стварэнне спектакля. Тады аб абароне Брэсцкай крэпасцi было вядома яшчэ вельмi мала. Рэжысёр спектакля А. Мiронскi iмкнуўся ўвасобiць на сцэне не столькi рэальныя падзеi, а паказаць сiлу духу i мужнасць абаронцаў цытадэлi. 19, 20 i 21 сакавiка 1953 г. адбылiся прэм’ерныя спектаклi. Спектакль меў вялiкi поспех, артысты выконвалi свае ролi з асаблiвым духоўным пад’ёмам.

Литературная газета 3 красавiка 1954 г. пiсала, што ёсць адна важная асаблiвасць у спектаклi Брэсцкага тэатра — у iм няма раўнадушных. У атмасферы напружанай увагi, якая гарачай хваляй вылiлася на сцэну з залы, нельга заставацца спакойным (Литературная газета. 1954. 3 крас.). З гэтым спектаклем тэатр пабываў у Расii, на Украiне, у Польшчы.

З 1946 г. па 1956 г. iснавала практыка дзяржаўных заказаў на п’есы, i тэатр мог выбiраць вызначаную колькасць з прапанаваных п’ес. Не заўсёды яны адпавядалi высокiм мастацкiм крытэрыям. Матэрыяльна-тэхнiчная база тэатра была вельмi беднай, частымi былi на спектаклях тэхнiчныя накладкi.

У 1954-1955 гг. галоўным рэжысёрам тэатра быў У. Папоў. Яго пастаноўкi адрознiвалiся тонкай псiхалагiчнай iгрой. Ён паставiў Гады вандраванняў А. Арбузава, Чайку А. Чэхава. Чэхаўская Чайка стала своеасаблiвай праверкай калектыва на творчую сталасць.

У 1955 г. У. Папоў пераходзiць у Гродзенскi абласны драматычны тэатр.

Пасля ХХ з’езда КПСС ў рэпертуары тэатра з’яўляюцца п’есы, у якiх акцёры iмкнулiся асэнсаваць недалёкае гiстарычнае мiнулае. Да такiх можна аднесцi п’есу У. Козела Кветка шчасця. У гэты перыяд ставяць у тэатры спектаклi па творах А. Арбузава, В. Розава, А. Галiча, Я. Шварца i iншых.

У сярэдзiне 1950-х — пачатку 1960-х гадоў у трупу прыйшлi таленавiтыя маладыя акцёры А. Логiнаў, Н. Ганчарэнка, С. Яўдошанка, К. Перапялiца, У. Кулiшаў, Р. Семiчава, Р. Барзова, Г. Токараў, А. Беражной, Дз. Дойбан, У. Пестунаў, Т. Валчэцкая, Г. Белацаркоўскi, I. Мацкевiч, якiя актыўна ўключылiся ў творчы працэс i ў хуткiм часе заслужылi любоў гледачоў.

У гэты перыяд тэатр у сваёй працы працягвае звяртацца да ваеннай тэматыкi, беларускай драматургii, рускай i замежнай класiкi. У атмасферы аднаўлення ленiнскага стылю кiраўнiцтва вялiкую цiкавасць выклiкала асоба правадыра i кожны тэатр iмкнуўся паставiць спектакль адпаведнай тэматыкi. У Ьрэсце цэлы шэраг п’ес аб Ленiне адкрыў спектакль У. Папова Сям’я яшчэ ў лiстападзе 1950 г. У 1957 г. быў пастаўлены спектакль па п’есе М. Пагодзiна Крамлёўскiя куранты, у якiм ролю У. Ленiна выканаў таленавiты акцёр П. Маркiн. Аднак п’еса iшла толькi адзiн сезон таму, што акцёр, якi выконваў ролю Ленiна, памёр у 1958 г. У Брэсцкiм тэатры ролю Ленiна выконвалi яшчэ акцёры Т. Вiнаградаў i А. Логiнаў.

Калектыў тэатра падтрымлiваў творчыя сувязi з вядомымi драматургамi К. Губарэвiчам, А. Макаёнкам, I. Шамякiным. Гэта, безумоўна, спрыяла якасцi спектакляў. Некаторыя п’есы нараджалiся ў канчатковай рэдакцыi менавiта ў калектыўнай працы аўтара з трупай, напрыклад, Брэсцкая крэпасць, Людзi i каменнi К. Губарэвiча, Брэсцкi мiр I. Шамякiна. На рэпетыцыях п’есы Выбачайце, калi ласка прысутнiчаў аўтар — А. Макаёнак. Работа была цiкавай. Тое ж было i са спектаклем па творы I. Шамякiна Сэрца на далонi.

У 1956 г. тэатр перабраўся ў памяшканне па вул. Вароўскага, 13, але ў лiпенi 1957 г. будынак быў у аварыйным становiшчы. Другая палова 1950-х гадоў была не вельмi ўдалай у творчым жыццi тэатра. Часта змянялiся рэжысёры, пагоршылася якасць спектакляў, мянялiся кадры, збяднеў рэпертуар. На рэспублiканскiм тэатральным фестывалi ў 1957 г., прысвечаным 40-годдзю Кастрычнiцкай рэвалюцыi, Брэсцкi тэатр быў на апошнiм месцы. Калi галоўным рэжысёрам тэатра стаў Г. Волкаў, становiшча змянiлася ў лепшы бок. У 1959 г. тэатр выехаў на гастролi ў Пiнск, дзе былi паказаны п’есы Джэнi Герхарт Т. Драйзера, Юсцiна В. Салаўёва, якiя прайшлi з вялiкiм поспехам. У 1960 г. тэатр гастралiраваў у Маскве, дзе ў Крамлёўскiм палацы з’ездаў прадстаўляў п’есу К. Губарэвiча Брэсцкая крэпасць. Спектакль пакарыў гледача, станоўчыя рэцэнзii пра яго змясцiлi Литературная газета i iншыя, аб iм пiсаў часопiс Театр. Спектакль быў паказаны па Цэнтральным тэлебачанні. На прэм’еры прысутнiчалi абаронцы Брэсцкай крэпасцi, якiя са слязьмі на вачах дзякавалi акцёрам. У сакавiку 1967 г. у тэатры быў пастаўлены 600-ы спектакль Брэсцкая крэпасць, у сувязi з чым калектыву тэатра прысуджана прэмiя Ленiнскага камсамола.

З 1963 г. да 1968 г. пры тэатры працавала група лялечнiкаў, на базе якой быў утвораны асобны тэатр лялек.

У 1970-я гады асноўнае месца ў рэпертуары тэатра займала сучасная савецкая драматургiя. Былi пастаўлены спектаклi Г. Капралава i С. Туманава Трэцяя варта, Л. Малюгiна Старыя сябры, Б. Васiльева А зоры тут цiхiя, В. Шаўрына Мае знаёмыя, А. Макаёнка Трыбунал, Э. Брагiнскага i Э. Разанава Таварышы на службе.

У 1972 г. тэатр аднавiў Брэсцкую крэпасць, пастаноўка была добра прынята гледачамi, але новых, па-сапраўднаму цiкавых спектакляў у рэпертуары было мала.

У наступным дзесяцiгоддзi да трупы далучылася новая хваля моладзi, пераважна выпускнiкоў Мiнскага тэатральна-мастацкага iнстытута: рэжысёр Т. Белiчэнка, акцёры А. Гаманюк, М. Мятлiцкi, А. Козак, М. Перапечка, Т. Ляўчук, Т. Майсеенка, Л. Сiнельнiк i iншыя. Цяпер гэтыя iмёны вядомыя не толькi ў Беларусi.

У 1980 г. галоўным рэжысёрам тэатра стаў С. Яўдошанка. З яго прыходам у рэпертуары павялiчваецца колькасць п’ес беларускiх драматургаў. Варта адзначыць, што ў гэты час ставiлася шмат п’ес беларускiх аўтараў: Хто смяецца апошнi К. Крапiвы, Раскiданае гняздо Я. Купалы, Парог А. Дударава, Апошняя iнстанцыя М. Матукоўскага, Укралi кодэкс А. Петрашкевiча, Трыбунал А. Макаёнка, Апраўданне крывi I. Чыгрынава, Сэрца на далонi I. Шамякiна i iншыя. Менавiта ў Брэсце ўпершыню была пастаўлена п’еса А. Макаёнка Верачка, а ў ролi Верачкi занята таленавiтая актрыса А. Сiдарава.

Актыўна ўплываў на склад рэпертуару тагачасны загадчык лiтаратурнай часткi тэатра Р. Бакiевiч, а пры неабходнасцi працаваў над лiтаратурным матэрыялам. Так Р. Бакiевiчам i рэжысёрам-пастаноўшчыкам С. Яўдошанкам быў падрыхтаваны сцэнiчны варыянт драматычнай паэмы А. Куляшова Хамуцiус. Гэты спектакль высока ацанiла рэспублiканская крытыка.

У тэатры iснавала добрая школа выхавання моладзi. Старэйшыя акцёры апекавалi моладзь, дапамагалi набыць прафесiяналiзм, упэўненасць у сваiх сiлах.

У 1987 г. будынак тэатра прыйшоў у аварыйнае становiшча. Сезон 1988 г. быў адкрыты ў Палацы культуры прафсаюзаў спектаклямi Дзецi Арбата А. Рыбакова i Стацця Р. Сонцава. У гэтым жа годзе Брэсцкi тэатр аднавiў творчыя сувязi з калектывам Люблiнскага тэатра (Польшча). З 1968 г. Брэсцкi тэатр творча супрацоўнiчаў з Люблiнскiм тэатрам, адбывалiся абмены гастролямi i пастаноўкамi. Народны артыст Беларусi Г. Волкаў паставiў у Люблiне п’есу Месяц у вёсцы I. Тургенева, заслужаны артыст Беларусi С. Яўдошанка — Неспакойную старасць Рахманава i А зоры тут цiхiя… Б. Васiльева. Польскi рэжысёр Ю. Ясельскi здзейснiў у Брэсце пастаноўку п’есы Хаiнскага Начная аповесць.

Перабудова, якая пачалася ў краiне ў сярэдзiне 1980-х, закранула ўсе сферы жыцця грамадства, у тым лiку i тэатральную. У 1991 г. калектыў тэатра прыняў рашэнне адмовiцца ад iмя ЛКСМБ i стаў абласным тэатрам драмы, а з 1989 да 1995 г. будынак тэатра знаходзiўся на рэканструкцыi.

У апошняе дзесяцiгоддзе тут працавалi рэжысёры Т. Белiчэнка, У. Караткевiч, С. Еўдашэнка (галоўны рэжысёр тэатра), С. Палешчанкаў, М. Хадзько, В. Чхаiдзе. Найбольш значнымi былi спектаклi Iграй, Ёселе, iграй… Р. Горына, Падман за падманам А. Грыбаедава i П. Вяземскага, Пад адным дахам Л. Разумоўскай, Начная саната Стрынберга, Чароўная ноч Мрожака.

На працягу свайго iснавання тэатр не абыходзiць увагаю дзяцей, тут заўсёды ставяцца дзiцячыя спектаклi для розных узростаў, праводзiлiся тэатральныя заняткi, творчыя сустрэчы, абмеркаваннi прагледжаных спектакляў.

З 1995 г. тэатр мае назву Абласны тэатр драмы i музыкi. У яго складзе з’явiўся сiмфанiчны аркестр. Узначальвае абласны тэатр А. Козак.

Варта нагадаць, што ў розныя часы ў тэатры драмы працавалi такiя вядомыя творцы, як народны артыст СССР Я. Палосiн, народныя артысты Беларусi А. Логвiнаў, Г. Волкаў, З. Заранок, I. Папоў, заслужаныя артысты Беларусi М. Абрамаў, А. Асторына, В. Ганчарэнка, В. Захарава, З. Курдзянок, П. Маркiн, А. Самараў, Б. Уксусаў, Б. Уладамiрскi, Ю. Уласаў, С. Юркевiч, заслужаны дзеяч культуры Л. Валчэцкi.

За паўстагоддзя тэатрам здзейснена пастаноўка 380 п’ес, паказана больш за 25000 спектакляў, якiя паглядзелi больш за 14 мiльёнаў гледачоў. Уся праца за пяцьдзесят гадоў з’яўляецца вынiкам творчых намаганняў 150 акцёраў, рэжысёраў, мастакоў, кампазiтараў.

Крыніцы:

1. Брестский областной драматический театр им. ЛКСМБ. Мн., 1974.

2. Волчецкий Л. П. Годы, спектакли, роли… Мн., 1974.

3. Гiсторыя беларускага тэатра. Т. 3. Кн. 1. Мн., 1987.

4. Дзяржаўны архiў Брэсцкай вобласці. (ДАБВ). Ф. 997. Воп. 1.

Спр. 17. Л. 82; Ф.924. Воп. 1. Спр. 33. Л. 38; Ф. 997. Воп. 1. Спр. 30а. Л. 26 адв.; Ф. 997. Воп. 1. Спр. 34. Л. 182; Ф. 997. Воп. 1. Спр. 129. Л. 1.

5. Серский А. Больше ярких спектаклей // Заря. 1958. 16 крас..

6. Сохар Ю. Замест свята — будзённасць // Лiтаратура i мастацтва. 1980. 4 студз.

7. Зарэмба Т. В. У мiльганнi назваў // Лiтаратура i мастацтва. 1987.

27 лют.

8. Науменко В. Т. Театральный эксперимент: проблемы, поиски, решения. Мн., 1990.

9. Хаак Л. Бездомный тэатр // Народная трыбуна. 1992. 1-5 студз.

У. I. Нiкiценкаў, Л. П. Нiкiценкава