Культурнае жыццё Брэста ў пасляваенны час

У пасляваенны перыяд задачы ў галіне культурнага будаўніцтва ў горадзе перш за ўсё заключаліся ў аднаўленні разбураных у час вайны асяродкаў культуры, пашырэнні сеткі культурна-асветных устаноў.

У сакавіку 1945 г. з’явілася рашэнне Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных Аб адкрыцці абласнога гістарычнага музея ў г. Брэсце, таму што ў час фашысцкай акупацыі ўсе экспанаты краязнаўчага музея, арганізаванага ў 1941 г., былі знішчаны.

У красавіку 1945г. гарадскія ўлады прынялі рашэнне аб аднаўленні існуючага да вайны клуба ў прадмесці Валынка, у раёне якога пражывала да 8 тысяч насельніцтва. У 1948 г. быў адноўлены гарадскі парк. Першым яго кіраўніком адразу пасля вайны была Рэлес Соф’я Пятроўна, якая доўгія гады прапрацавала на пасадзе дырэктара.

У пачатку 1953 г. у горадзе працавалі драмтэатр на 700 месцаў, 3 кінатэатры на 900 месцаў (1 Мая, Беларусь, Змена, якія абслужылі ў 10 разоў больш гледачоў у параўнанні з 1945г., калі горад меў толькі 2 кінатэатры), дом культуры на Валынцы з глядзельнай залай на 170 месцаў, 6 клубаў, 45 чырвоных куткоў, абласная бібліятэка , 4 гарадскія бібліятэкі з агульным бібліятэчным фондам больш за 350 тысяч кніг і 44 бібліятэкі пры ўстановах і прадпрыемствах, 4 паркі і скверы.

Вялікая ўвага ўдзялялася і забеспячэнню кадрамі спецыялістаў. Паводле адукацыі кіраўнікі культурных устаноў у 1957 г. размяркоўваліся такім чынам: з вышэйшай адукацыяй — 1, з сярэдняй — 4, з семігадовай — 2; з пачатковай — 2. У гарадскіх бібліятэках налічвалася 12 работнікаў. У 1954 г. у горадзе было 26 калектываў мастацкай самадзейнасці, а ў 1957 г. ужо больш за 90 гурткоў, з іх: 34 харавых, 15 танцавальных, 15 драматычных, 10 струнных, 5 духавых інструментаў. Толькі пры клубе чыгуначнікаў Брэсцкага вузла працавала 12 гурткоў мастацкай самадзейнасці з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 495 чалавек. Гэты клуб адзін на ўвесь горад меў магнітафон і часта дэманстраваў светлавую газету.

У верасні 1959 г. з мэтай актывізацыі творчага спаборніцтва разнастайных гурткоў мастацкай самадзейнасці пры абласным Доме народнай творчасці адкрываецца Брэсцкі абласны тэатр народнай творчасці.

Актыўным арганізатарам правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў выступаў парк 1 Мая. У 1954 г. у парку былі пабудаваны більярдная зала, спартыўны цір, арэлі. У 1956 г. тэрыторыя парка была пашырана і склала 21 га. На новай тэрыторыі высадзілі 300 дрэў і 500 кустоў, сюды была перанесена танцпляцоўка і пабудавана новая музычная ракавіна для аркестра. Са студзеня 1956 г. у парку працавала свая кінаперасоўка, якая дэманстравала карціны ў вячэрні час, таму што будаўніцтва летняга крытага кінатэатра закончылася толькі к канцу 1957 г. З 1956 г. пры гарадскім парку дзейнічаў самадзейны лялечны тэатр пад кіраўніцтвам начальніка цэха цацак арцелі Стаханавец Шапіры С.Л., які сам зрабіў лялькі, падабраў удзельнікаў. За летні сезон 1956 г. у парку было праведзена 3 шахматныя турніры, гульня праходзіла на 30 дошках з удзелам майстра спорту СССР Сайчына, тры сустрэчы з удзельнікам экспедыцыі Паўночны полюс-2 Благадаравым. З вялікім поспехам прайшоў Вечар агню, быў праведзены феерверк рознакаляровых агнёў па ўсім парку. На працягу сезону ігралі два духавыя аркестры воінскіх часцей пад кірауніцтвам капітана Віктарава і лейтэнанта Майгулы. Пры гарадскім парку быў арганізаваны хор з 60 чалавек, ім кіраваў Мікалай Іосіфавіч Шошчыц, які за 10 месяцаў 1956 г. даў 28 канцэртаў. У парку ў гэтым сезоне выступалі з канцэртамі і прафесійныя артысты: Украінска-Валынскі ансамбль песні і танца, Растоўскі цырк, малдаўскія артысты эстрады, дзяржаўная харавая капэла БССР і Мінскі тэатр лялек. Паляпшэнне работы парка прывяло да росту колькасці наведвальнікаў. А ў 1957 г. у парку культуры і адпачынку быў адменены платны ўваход, і па выніках работы за гэты год яго калектыў заваяваў 1-е месца ў рэспубліканскім аглядзе паркаў.

Культурнае развіццё ў 1960-я гг. было накіравана на ўмацаванне і ўдасканаленне ўсіх форм культурна-масавай работы ў сувязі з пераходам на 7-гадзінны рабочы дзень, а з 1967, на пяцідзённы рабочы тыдзень з двума выхаднымі днямі для рабочых і служачых, у сувязі з чым змяніўся рэжым працы ўстаноў культуры.

Бібліятэкі і клубы ў большасці мелі адзін агульны выхадны дзень, а другі — па зменным графіку. Кінатэатры арганізавалі папярэдні продаж білетаў, асабліва на выхадныя дні. У 1960 г. у горадзе працавала 60 бібліятэк розных міністэрстваў і ведамстваў. Іх фонды налічвалі звыш 800 тысяч экземпляраў кніг, гэта значыць, што на кожнага жыхара Брэста было па 11 кніг. Было праведзена нямала мерапрыемстваў па каардынацыі дзейнасці бібліятэк розных ведамстваў.

Пры гарадскім аддзеле культуры быў створаны міжведамасны бібліятэчны савет. Пашырыліся бібліятэчныя плошчы – дзіцячая гарадская бібліятэка ў канцы 1960 г. перайшла ў новае памяшканне, у 1964 г. быў праведзены капітальны рамонт будынка гарадской бібліятэкі імя Я.Купалы. Работнікі бібліятэк імкнуліся знайсці новыя формы работы з насельніцтвам, палепшыць змест кніжных выстаў, дыспутаў, вусных часопісаў, чытацкіх канферэнцый, аглядаў. Брэсцкая гарадская бібліятэка імя А.С. Пушкіна ў 1962 г. арганізавала краязнаўчы куток, дзе была размешчана літаратура пра горад, вобласць і Брэсцкую крэпасць.

У сярэдзіне 1960-x гг. у горадзе працавала 6 кінатэатраў; у 1950 г. быў здадзены ў эксплуатацыю кінатэатр Мір (вул. Пушкінская), у 1964 г. адкрыты Маяк (вул. Сікорскага), з іх 2 дзіцячых- Змена (вул. Карла Маркса), Зорка (гарадскі парк). Акрамя іх, у школе № 2 быў створаны дзіцячы кінатэатр Юнацтва, а дзіцячы кінааўтобус Малютка працаваў па вызначаных маршрутах. Па стану на сакавік 1961 г. у культпрасветустановах горада працавала 65 чалавек.

Клубныя ўстановы горада папоўнілі сваю матэрыяльную базу. У 1966 г. было ўжо 12 клубаў, у 2 клубах размяшчаліся стацыянарныя кінаўстаноўкі. Кіраўнікі клубаў шукалі новыя формы работы, развівалі і прапагандавалі мастацкую самадзейнасць. У перыяд падрыхтоўкі да Усебеларускай дэкады, якая павінна была прайсці ў Мінску ў снежні 1962 г., было створана 12 новых гурткоў самадзейнасці, хор настаўнікаў горада (кіраўнік М.Г. Солапаў), гарадскі ансамбль танца (кіраўнік М.І. Пузанаў). Народная харавая капэла клуба чыгуначнікаў (мастацкі кіраўнік М.І.Шошчыц) паспяхова выступала ў Маскве на ВДНГ, дзе ёй быў уручаны памятны медаль выстаўкі. Упершыню ў 1965 г. у горадзе праводзіўся агляд мастацкай самадзейнасці па жанрах. У ім прынялі ўдзел больш за 1600 чалавек. Адзначана выступленне гарадскога народнага ансамбля танца Радасць (мастацкі кіраўнік Пузанаў), эстраднага аркестра музвучылішча пад кіраўніцтвам Л.Ратнера, гарадскога хору настаўнікаў пад кіраўніцтвам І.Вінаградавай, жаночага хору Дома афіцераў (мастацкі кіраўнік А.М.Пархомік), хора ветэранаў вайны і працы (мастацкі кіраўнік Н. М. Ора), заснаванага ў 1957 г. пры Доме прафсаюзаў і праіснаваўшага 35 гадоў.

У 1966 г. у горадзе было 156 гурткоў мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 3500 чалавек, разам са школьнікамі — больш за 6200. За дасягнутыя поспехі ў эстэтычным выхаванні працоўных і высокае мастацкае майстэрства 4 калектывам было прысвоена ганаровае званне народны (харавая капэла клуба чыгуначнікаў, ансамбль танца Радасць, хор рускай народнай песні аблсаўпрофа, народны тэатр клуба чыгуначнікаў). У 1966 г. ансамбль Радасць быў удзельнікам міжнароднага фестывалю фальклорных танцаў у Чэхаславакіі і заняў там першае месца, у лістападзе гэтага ж года ансамбль і група салістаў народнай харавой капэлы пабывалі на Днях савецкай культуры ў ГДР. Калектывы мастацкай самадзейнасці за год далі каля 800 канцэртаў.

У сярэдзіне 60-х гадоў у горадзе працавалі 2 агітбрыгады – клуба чыгуначнікаў і станцыі Брэст-Усходні. У 1966 г. яны далі больш за 75 канцэртаў. У клубах міліцыі, сувязі, аўтакалоны № 2402, ДК на Валынцы былі арганізаваны канцэртныя брыгады.

У пачатку 1959 г. у горадзе быў створаны ўніверсітэт культуры, які з першых дзён заваяваў папулярнасць сярод працоўных. За 9 гадоў ва універсітэце навучалася каля 300 тысяч чалавек, 1/3 з іх складала моладзь да 30 гадоў. У 1966 г. яго наведвалі 334 чалавекі. Універсітэт працаваў па двухгадавой праграме. Да работы былі запрошаны кваліфікаваныя выкладчыкі, таленавітыя людзі: заслужаны дзеяч культуры БССР, дырэктар музычнага вучылішча М.Г. Солапаў, член Саюза мастакоў П.А. Данелія; заслужаны артыст БССР, галоўны рэжысёр тэатра імя Ленінскага камсамола Беларусі Г.А.Волкаў, заслужаны дзеяч культуры, дырэктар драмтэатра Л.П.Валчэцкі, выкладчык педінстытута, кандыдат філалагічных навук У.А.Калеснік, дацэнт педінстытута Л.І.Храмава.

Акрамя гарадскога ўніверсітэта культуры, былі ўніверсітэты ў клубе чыгуначнікаў, у прафтэхвучылішчах № 27 і № 1, на дывановым камбінаце. Працавалі ў горадзе і культурныя ўстановы на грамадскіх пачатках. Звыш 40 бібліятэк на прадпрыемствах узначальвалі грамадскія работнікі, 58 гурткоў народнай творчасці працавалі дзякуючы энергіі і энтузіязму іх кіраўнікоў. Пры музычным вучылішчы ў 1966 г. існавала дзяцячая музычная школа на грамадскіх пачатках, якую наведвалі каля 150 чалавек. Адной з формаў работы мастацкіх калектываў у 1960-я гады было абслугоўванне працаўнікоў сяла.

Калегія Міністэрства культуры БССР і Прэзідыум Беларускага Савета прафсаюзаў пастанавілі правесці з 1 верасня 1965 г. па 1 жніўня 1967 г. рэспубліканскі конкурс на лепшае абслугоўванне працаўнікоў вёскі калектывамі народнай творчасці. З мэтай стварэння новых калектываў мастацкай самадзейнасці на вёсцы, аказання ім практычнай і метадычнай дапамогі многія педагогі музычнага вучылішча, артысты драмтэатра імя ЛКСМБ былі замацаваны за калгасамі. Гарадскія бібліятэкі ўзялі шэфства над сельскімі бібліятэкамі.

Члены гарадскога таварыства Веды з 1 верасня 1965 г. па 1 жніўня 1967 г. прачыталі 950 лекцый у калгасах і саўгасах Брэсцкага, Камянецкага, Жабінкаўскага, Кобрынскага і іншых раёнаў. Найбольш актыўнымі лектарамі былі: Б.С. Нізоўцаў, Г.С. Сухадолец, Д.І.Падзізей, М.І. Новапашын, П.М. Гулаў, М.А. Гусікаў, Т.А. Слесарук. Яшчэ з 1962 г. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей стаў прапагандаваць новую форму масавай работы – музейныя вечары сярод працаўнікоў сяла. З гэтай мэтай навуковыя супрацоўнікі музея выязджалі ў калгасы ці на прадпрыемствы і там праводзілі тэматычныя экскурсіі з паказам праз эпідыяскоп фатаграфій і экспанатаў. З 1 верасня 1965 г. па 1 жніўня 1967 г. працаўнікамі культуры, лектарамі горада на сяле было праведзена звыш 250 тэматычных вечароў, вечароў-сустрэч, вусных часопісаў, вечароў адпачынку, культпаходаў.

Сіламі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці горада для працаўнікоў вёскі праведзена 807 канцэртаў, тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі паказаў 799 спектакляў. У 1967 г. у падрыхтоўцы гарадскога фестывалю самадзейнага мастацтва, прысвечанага 50-годдзю савецкай улады, прынялі ўдзел 126 калектываў мастацкай самадзейнасці, у справаздачных канцэртах – 73 (20 харавых і 12 танцавальных), больш за 70 асобных выканаўцаў, у заключным канцэрце – 26 калектываў, звыш 600 чалавек.

У заключным канцэрце Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва ў Маскве прынялі ўдзел і калектывы Брэста. 4 з 37 нумароў, якія былі прадстаўлены ад Беларусі і ўключаны ў праграму заключнага канцэрта, былі ад пагранічнага Брэста. Лаўрэатамі Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва сталі гарадскі хор настаўнікаў, капэла клуба чыгуначнікаў, народны рускі хор аблсаўпрофа, эстрадны аркестр ваеннага гарнізона. У юбілейным годзе ў парку былі праведзены вялікія работы па яго добраўпарадкаванні. Былі пабудаваны новы гарадок атракцыёнаў, спартыўны комплекс з валейбольнай, баскетбольнай, гарадошнай, бадмінтоннай пляцоўкамі і тэнісным кортам. З 1963 г. працавалі атракцыёны – кола агляду, віражныя самалёты, паветраныя арэлі. З 1965 г. стала традыцыяй праводзіць штогод свята Брэсцкая вясна.

Выканком Брэсцкага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных 21 верасня 1967г. устанавіў званне Ганаровы грамадзянін г. Брэста, адобрыў палажэнне аб Ганаровым грамадзяніне, кнігу Ганаровых грамадзян, дыплом і стужку Гонару. Было прысвоена званне Ганаровага Грамадзяніна г. Брэста Мірону Емельянавічу Крыштафовічу і Пятру Міхайлавічу Гаўрылаву, а ў час свята Брэсцкая вясна яны пасадзілі ў парку першыя каштаны на Алеі Ганаровых грамадзян. З 1969 г. ў парку пачала дзейнічаць вялікая эстрада на 2500 месцаў. За высокія паказчыкі ў рабоце Брэсцкі парк быў занесены ў Кнігу Гонару Усесаюзнага агляду паркаў культуры і адпачынку.

У Брэсце стаў традыцыйным абмен вопытам работы па ўсіх галінах народнай гаспадаркі і культурнага жыцця з гарадамі Арол, Луцк, Люблін. З гэтай мэтай праводзіліся ўзаемныя сустрэчы прадстаўнікоў гарадоў-пабрацімаў, выезды з творчымі справаздачамі самадзейнага мастацтва. У 1973 г. адбыліся дні культуры Брэста ў Любліне і дні культуры Любліна ў Брэсце.

Ішоў рост прафесійнага майстэрства самадзейных калектываў. У 1976 г. 9 калектываў мелі званне народны: ансамбль Радасць (мастацкі кіраўнік А.М.Вараб’ёў), ансамбль песні і танца СШ № 5 Прыбужжа (мастацкі кіраўнік В.М.Верамяюк), харавая капэла настаўнікаў (мастацкі кіраўнік І.Л.Вінаградава), харавая капэла чыгуначнікаў (мастацкі кіраўнік А.С.Пячонкіна і М.І.Трафімук), самадзейны тэатр клуба чыгуначнікаў (кіраўнік У.П.Сусько), хор аблсаўпрофа (мастацкі кіраўнік А.П.Шутаў), ансамбль песні і танца Брэстчанка электрамеханічнага завода (мастацкі кіраўнік С.Ф.Любчук), духавы аркестр завода (кіраўнік Б.А.Гурэвіч), ансамбль песні і танца будтрэста № 8 (мастацкі кіраўнік В.Г.Васіленка). Ганаровае званне Заслужаны работнік культуры мелі кіраўнікі народных калектываў: А.М. Вараб’ёў, А.П. Шутаў, І.Л. Вінаградава.

Была пабудавана абласная бібліятэка, перайшлі ў новыя памяшканні гарадскія цэнтральная і 2 дзіцячыя бібліятэкі, пачала працаваць чытальная зала бібліятэкі імя Я.Купалы. У 1976 г. уведзены ў эксплуатацыю пасля рэканструкцыі кінатэатр Беларусь на 1296 месцаў, адкрыта дзіцячая мастацкая школа па вул. Леванеўскага. Увайшлі ў строй клубы Будаўнік будтрэста № 8, фабрыкі верхняга трыкатажу і электрамеханічнага завода, Дом культуры Хімік.

У 1976 г. Брэсту быў прысуджаны пераходны Чырвоны Сцяг Савета Міністраў БССР і Беларускага Рэспубліканскага Савета прафесіянальных саюзаў за лепшую пастаноўку культурна-масавай работы. Сетка культурна-асветных устаноў у сярэдзіне 70-х гадоў налічвала 22 клубы на 8100 месцаў, 7 кінатэатраў, абласны драматычны тэатр, тэатр лялек, музычнае вучылішча, музычную школу, парк культуры і адпачынку, абласны краязнаўчы музей і мемарыяльны комплекс Брэсцкая крэпасць-герой. 104 бібліятэкі з агульным кніжным фондам больш 2,5 млн. экзэмпляраў абслугоўвалі 111 тысяч чытачоў, што складала 71,2% ад ліку жыхароў горада.

За 10-ю пяцігодку (1975-1980) у горадзе было адкрыта яшчэ 8 клубных устаноў на 3163 пасадачных месцаў, працавалі 5 універсітэтаў культуры, у якіх займаліся 1557 чалавек. У 1980 г. у Брэсце працавала 243 калектывы мастацкай самадзейнасці, у якіх удзельнічала 6138 чалавек, адзінаццаць з іх мелі ганаровае званне народны. За гады 10-й пяцігодкі колькасць калектываў павялічылася на 60 творчых адзінак, а колькасць удзельнікаў на 2130, 3 калектывы атрымалі званне народны. Арганізоўваліся абменныя канцэрты паміж гарадамі Гродна, Луцк, Цярнопаль.

У 1981 г. быў адкрыты Палац культуры прафсаюзаў, які ў 1984 г. меў 3 народныя калектывы мастацкай самадзейнасці (хор, цыркавая студыя, дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва). З 1985 г. тут працуе хор ветэранаў вайны і працы (мастацкі кіраўнік А. Я. Садоўская). У 1987 г. пры гарадскім Доме культуры была адкрыта дзіцячая харэаграфічная школа, у 1990 г. пачала дзейнічаць дзіцячая музычная школа № 2.

У канцы 1980-х пачатку 1990-х гадоў пераход да рынку, цяжкае эканамічнае становішча прывялі да скарачэння ўстаноў культуры і іх кадраў. Калі да 1990 г. функцыянавала 31 клубная ўстанова, то ў 1995 г. іх засталося 21. У іх працавала 192 творчыя работнікі, да 1995 г. на 82 спецыялісты стала менш (у асноўным за кошт спецыялістаў па арганізацыі работы з дзецьмі). З іх скарачэннем дзеці пазбавіліся цікавых клубных фарміраванняў і калектываў мастацкай самадзейнасці, у 2 разы скарацілася колькасць гурткоў дзіцячай мастацкай самадзейнасці.

Усяго да 1996 г. у клубах прамысловых прадпрыемстваў было скарочана звыш 50 самадзейных калектываў. У другой палавіне 1990-х гг. наступіў перыяд некаторай стабілізацыі ў сферы культуры. У 1995г. быў адкрыты харэаграфічны цэнтр у былым будынку кінатэатра Маяк, бібліятэка імя Я.Купалы пераехала ў новы будынак у Паўночным гарадку, які пераабсталяваны з ваенных казармаў, закончаны работы па рэстаўрацыі будынка па вул. Леванеўскага, 3 (пабудаваны ў 1927), у якім у 1998 г. адкрыты музей Гісторыі горада.

У 1997 г. адкрыты Цэнтр вакальна-харавых спеваў, праектуецца рэканструкцыя пад карцінную галерэю будынка пачатку ХХ ст. (былая жаночая гімназія), у якім размяшчаецца кінатэатр 1-е Мая. Сеткі ўстаноў культуры у канцы ХХ ст., складаецца з 21 клубнай установы, 4 кінатэатраў, 4 школ мастацтва (харэаграфічнай, мастацкай і 2 музычных), 1 парка культуры і адпачынку, 2 музеяў і 5 філіялаў краязнаўчага музея, 2 тэатраў (тэатра драмы і музыкі і тэатра лялек), 56 бібліятэк, з якіх 12 уваходзяць у склад цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы (ЦБС). Кніжны фонд ЦБС на 1.1.1998 г. склаў 487.832 экземпляры. У цэнтральнай бібліятэчнай сістэме працуюць 109 чалавек, з іх 77 бібліятэкараў. З іх маюць вышэйшую адукацыю, 18 – сярэднюю спецыяльную. У горадзе налічваецца звыш 100 калектываў мастацкай самадзейнасці, 69 маюць ганаровае званне народны самадзейны калектыў, паказальны самадзейны калектыў.

З 1996 г. працуе гарадскі духавы аркестр, створаны з лепшых музыкантаў горада (кіраўнік В.Б. Коваль). Адным з прыярытэтных напрамкаў у працы ўстаноў культуры з’яўляецца адраджэнне і папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры праз фальклор, творчыя калектывы, укараненне народных святаў і абрадаў (Купалле, Радуніца, Гуканне вясны, Масленіца), праз вывучэнне культурнай спадчыны свайго краю. У горадзе створаны ўмовы і для развіцця нацыянальных культур другіх народаў. Працуюць польскае, украінскае, рускае, яўрэйскае таварыствы, пры якіх арганізуюцца творчыя калектывы.

Брэст стаў месцам штогадовага правядзення міжнароднага тэатралізаванага фестывалю Белая вежа, міжнароднага дзіцячага музычнага фестывалю Пралескі для таленавітых дзяцей, якія граюць на народных інструментах, абласных фестываляў ветэранскіх хораў, смотра духавых аркестраў і інш.

У 1997 г. у горадзе быў праведзены 1-ы нацыянальны фестываль беларускага кіно. Арганізаванасць правядзення свята, здавальняючы стан кінатэатраў сталі падставай для прапановы сталічных кінематаграфістаў ператварыць наш горад у месца штогадовага правядзення нацыянальнага фестывалю кіно. 2-гі другі нацыянальны фестываль беларускіх фільмаў прайшоў ў Брэсце ў 1999 годзе.

У няпростых сацыяльна-эканамічных умовах, якія склаліся ў канцы 90-х гадоў, установы культуры і творчыя калектывы горада шукаюць і знаходзяць новыя, цікавыя формы работы з людзьмі, імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб берасцейцы станавіліся духоўна багатымі людзьмі, любілі і ўзбагачалі нацыянальныя традыцыі.

У.І. Нікіценкаў, Л.П. Нікіценкава