Музычны каледж імя Р. Шырмы

Рашэнне аб адкрыцці ў Брэсце музычнага вучылішча было прынята ў снежні 1939 г. Гэта была першая музычная сярэдняя навучальная ўстанова ў Заходняй Беларусі.

Ля вытокаў заснаваняя вучылішча стаялі такія вядомыя музыканты і педагогі, як І.Я. Шубік, М.А. Дземчанка, Я.М. Добратворская, М.І. Арэнская, М.Я. Мінстэр, В.Г. Жукоўская, М.А. Русін, Т.Г. Бубен і іншыя. У гады Вялікай Айчыннай вайны будынак вучылішча быў разбураны, у агні загінулі музычныя інструменты і бібліятэка. Пасля вызвалення Брэста ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ужо 1 верасня 1944 г. аднавіліся заняткі ў вучылішчы. Першы выпуск (усяго 3 чалавекі) адбыўся ў 1948 г.. За вялікую работу па падрыхтоўцы музычных кадраў у 1969 г. калектыў вучылішча быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР. З 1988 г. вучылішча ўзначальвае Ж.Савіна. У 1990 г. у ім адкрылася аддзяленне народнага харавога спеву. У лістападзе 1993 года рашэннем Брэсцкага аблвыканкома вучылішча было пераўтворана ў сярэднюю спецыяльную навуковую ўстанову новага тыпу — музычны каледж, а 12 жніўня 1994 г. пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь каледжу было прысвоена імя Рыгора Шырмы.

З 1 верасня 1994 г. пры каледжы адкрыта дзіцячая музычная школа прафесійнай арыентацыі, дзе працуюць вядучыя выкладчыкі.

Калектыў каледжа налічвае 115 выкладчыкаў і канцэртмайстраў з вышэйшай адукацыяй, з іх 90% выпускнікі вучылішча.

Навучанне ў каледжы дзённае, штогод тут займаецца больш за 300 навучэнцаў па 4 спецыяльнасцях: музыказнаўства, дырыжыраванне (харавое), інструментальнае выкананне, спевы (акадэмічныя).

У каледжы ёсць 6 творчых калектываў, якім прысвоена высокае званне народны.

За 60 гадоў свайго існавання каледж падрыхтаваў больш за 4 тысячы спецыялістаў, якія працуюць ў розных куточках нашай краіны і далёка за яе межамі. Сярод выпускнікоў каледжа многа таленавітых музыкантаў-выканаўцаў, арганізатараў і кіраўнікоў творчых калектываў, кампазітараў, артыстаў тэатра, харавых і аркестравых калектываў, ансамбляў, выкладчыкаў дзіцячых музычных школ, вучылішчаў і кансерваторый. Калектыў каледжа ганарыцца заслужаным артыстам Расіі і народным артыстам Бураціі Б. Пецюком, заслужанымі артыстамі Беларусі М. Шошчыцам, М. Зданевічам, Л. Тышко, М. Янвой, заслужаным артыстам Украіны Ф. Богданам, заслужанай настаўніцай Беларусі В. Верамяюк, заслужанымі работнікамі культуры С. Любчуком, А. Стрэха, М. Трафімуком, заслужаным дзеячом мастацтва Беларусі А. Пячонкінай і многімі іншымі.

Калектыў каледжа вядзе вялікую канцэртна-выканаўчую дзейнасць, аказвае метадычную дапамогу дзіцячым музычным школам і калектывам мастацкай самадзейнасці, прапагандуе музычную культуру сярод насельніцтва горада і вобласці.

У.І. Нікіценкаў